ТЭ́НІС НАСТО́ЛЬНЫ, пінг-понг,
спартыўная гульня з мячом на стале. Памеры пляцоўкі для гульні на афіц. спаборніцтвах 7×14 м. Спаборніцтвы (асабістыя і камандныя) праводзяцца адзіночныя і парныя (для мужчын, жанчын і змешаных пар). Сустрэчы складаюцца з 5—7 партый. Інвентар: стол (274×152,5 см, выш. 76 см, звычайна-цёмна-зялёнага або цёмна-сіняга колеру), сетка (183×15,25 см), ракеткі (форма адвольная з наклеенымі гумавымі пласцінамі цёмнага колеру), пластмасавы мяч (маса 2,7 г, дыяметр 40 мм).
Гульня блізкая да сучаснага Т.н. ўзнікла, верагодна, у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст.; з 1920-х г. стала пашыранай у многіх краінах. Міжнар. федэрацыя Т.н. засн. ў 1926. Еўрап. саюз Т.н. існуе з 1957. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1926 (з 1957 па няцотных гадах асабістае першынство, па цотных — каманднае), Еўропы — з 1958 (па цотных). Найб. развіты Т.н. ў Германіі, Карэі, Кітаі, Румыніі, Швецыі, Францыі, Японіі і інш.
На Беларусі развіваецца з 1920-х г. 1-я секцыя створана ў 1927 (г. Віцебск). Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1953. Федэрацыя Т.н. існуе з 1959. Створаны Рэсп. Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь. Мужчынская каманда спарт. клуба «Трактар» — сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1980). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся: У.Зленка (чэмпіён Еўропы сярод юнакоў, 1968), І.Мінкевіч (чэмпіён Еўропы, 1978), Т.Кастраміна (сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), В.Паўловіч (прызёр чэмпіянату Еўропы, 2002), У.Самсонаў (прызёр чэмпіянатаў свету, 1995, 1997, 1999), Я.Шчацінін (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету, 1998) і інш.
т. 16, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)